Сусветны дзень паэзіі

25.03.2022

Вершы - гэта святло душы. Г. Аўласенка
Штогод 21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Згодна з рашэннем ЮНЕСКА, асноўнай мэтай зацверджання свята з’яўляецца падтрымка моўнай разнастайнасці праз магчымасці паэтычнага слова.
Сусветны дзень паэзіі – цудоўная нагода, каб сабрацца разам і пацешыць сваю душу прыгажосцю і мілагучнасцю вершаванага радка.
У гімназіі з нагоды свята была наладжана літаратурная гасцёўня “Паэзія як музыка душы”. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята. Затым чыталі і абмяркоўвалі свае любімыя творы. Гучалі вершы-прысвячэнні паэзіі Леаніда Галубовіча, Максіма Танка, філасофскія вершы Р. Барадуліна, Я. Сіпакова, М. Дуксы, вершы інтымнай лірыкі Я. Янішчыц, В. Вабішчэвіча.
З задавальненнем паслухалі прысутныя і вершы сваіх равеснікаў, якія прымалі ўдзел у конкурсе “ Спроба пяра”.
Пісаць вершы дадзена не кожнаму, але імкнуцца адчуваць прыгажосць паэтычнага слова можна і трэба.
Чытайце найчасцей паэзію, бо яна, як сцвярджае Максім Танк, «вясёлкавы мост ад сэрца людскога да мары».

Пашкевіч Г. Ф., настаўнік беларускай мовы і літаратуры