«Чытаем па-беларуску з velcom»

10.01.2018

З 11 кастрычніка ў Беларусі  пачаўся вялікі рэспубліканскі конкурс "Чытаем па-беларуску з velcom", які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Яго мэта - аб’яднаць усіх вучняў краіны адной ідэяй – зацікаўленасцю да свету беларускай мовы і літаратуры. І зрабіць гэта ў вельмі незвычайнай форме – вялікага рэспубліканскага анлайн-конкурсу. Кожны ўдзельнік паспрабаваў сябе не толькі ў ролі чытальніка, але і відэаблогера! Каб прыняць удзел, трэба было  выканаць некалькі дзеянняў:
- запісаць відэа, на якім ён чытае адзін з твораў з вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры; 
 - размясціць яго на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы (вконтакте, facebook, instagram) і пазначыць адным з хэштэгаў праекта: #чытаемзvelcom альбо #чытаемзвэлком 

Прыём работ на конкурс «Чытаем па-беларуску з velcom»завяршыўся 20 снежня. Затым адбылося пасяджэнне журы, якое вызначыла па 30 лепшых прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска, якія выступяць у другім этапе конкурсу.

У склад журы  ўвайшлі пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч.

Толькі ўявіце сабе, школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. У сацыяльных сетках гэтыя ролікі набралі ўжо больш за 700 000 праглядаў. З Брэсцкай вобласці на конкурс даслана 279 відэа. Столінскую дзяржаўную гімназію прадстаўлялі Пашкевіч Марыя, Барысевіч Сафія, вучаніцы 8 “Б” класа, Кавалёва Аляксандра і Пашкевіч Анастасія, вучаніцы 7 “Б” класа.

“Гэта цуд! Я ўражаны, як дзеці чытаюць класікаў беларускай літаратуры. Як яны разумеюць гэтыя творы і прапускаюць іх у самую душу. Яны сапраўдныя артысты! Уражвае і тое, як добра яны ведаюць беларускую мову і валодаюць ёй. Я ўдзячны арганізатарам за тое, што далі жыццё такому цудоўнаму праекту», – падзяліўся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з конкурснымі работамі старшыня журы Уладзімір Ліпскі.

Вельмі прыемна, што пераможцамі першага этапа сталі і вучаніцы нашай установы. Пашкевіч Марыя і Кавалёва Аляксандра ўвайшлі ў склад 30 лепшых чытальнікаў вобласці і ў хуткім часе прымуць ўдзел у рэгіянальным фінале, дзе выступяць перад журы ўжывую. Па іх выніках пяцёра лепшых з вобласці атрымаюць магчымасць пазмагацца ў вялікім рэспубліканскім фінале.

Віншуем пераможцаў першага этапа і жадаем ім поспехаў у рэгіянальным фінале!

Пашкевич Г.Ф.,
учитель бел.яз. и лит.